«Закон ёсць – методыкі няма»

«Мне сказалі, што не будуць выплачваць пенсію, пакуль сын не будзе лічыцца недзеяздольным», – тлумачыць сваё рашэнне пазбавіць дзеяздольнасці дзіця мама. Мам, якія сутыкнуліся з такой праблемай, калі дзіця з інваліднасцю стала паўналетнім, у Беларусі шмат. Хоць па законе цяпер можна не пазбаўляць дзіця дзеяздольнасці, а абмяжоўваць яе, ісці не ў суд, а да натарыуса, каб аформіць даверанасць. Толькі чамусьці на практыцы ўсё адно ў большасці выпадкаў дзіця застаецца ў сям’і шляхам пазбаўлення яго дзеяздольнасці. Мы паспрабавалі разабрацца, чаму так адбываецца і што варта рабіць сем’ям, якія хочуць пайсці іншым шляхам.

Пазбавіць дзеяздольнасці, каб атрымаць пенсію…

Бацькі асаблівых дзяцей сутыкаюцца з гэтай праблемай, калі дзецям спаўняецца 18 гадоў. Тады дзіця фактычна пачынае быць ва ўласнасці дзяржавы. Мамам трэба зрабіць усё, каб даказаць, што яны такія ж мамы, што яны гэтаксама любяць сваіх дзяцей і гатовы далей іх даглядаць. Самы распаўсюджаны шлях – гэта пазбавіць дзіця дзеяздольнасці, калі ў яго канстатавана разумовая адсталасць, аформіць апякунства і мець магчымасць атрымліваць пенсію за дзіця. Юрыстам з Офіса па правах людзей з інваліднасцю часта паступаюць званкі ад мам, якія плачуць і не ведаюць, што рабіць, бо пазбавіць дзіця дзеяздольнасці – гэта азначае пазбавіць яго правоў, якія даюцца яму ад нараджэння.

Аксана Рабцава жыве ў Рэчыцы і апякуецца сваім ужо паўналетнім сынам Іванам. Аднак яна не думала, што пасля 18 гадоў догляду ёй прыйдзецца даказваць дзяржаве, што яна можа быць яго маці. У Івана – цяжкая форма ДЦП. Аксана прысвяціла ўвесь свой час, каб быць побач з сынам, бо нават у краму ён не хоча яе адпускаць.

 

Пытанне аб пазбаўленні дзеяздольнасці паўстала, калі Івану споўнілася 18 гадоў. Аксана атрымала пасведчанне інваліда і засталася ў разгубленасці: «Я тады спытала ў галоўнага тэрапеўта нашай бальніцы: «Што мне цяпер рабіць?» Мне сказалі, што не будуць выплачваць пенсію, пакуль Іван не будзе лічыцца недзеяздольным. Юрыст бальніцы пачаў займацца гэтым пытаннем. Яны склалі заяву ў суд. Усё было праз бальніцу». Гэта здарылася ў маі. З тых часоў Аксана, якой цяжка пакінуць дом нават на гадзіну, ходзіць і збірае даведкі, якія дапамогуць даказаць, што яна мае права быць апекуном для свайго дзіцяці.

Нагадаем, што, паводле Грамадзянскага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, грамадзянін, у якога з прычыны псіхічнага расстройства абмежавана здольнасць разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі, можа быць абмежаваны ў дзеяздольнасці судом. Над ім усталёўваецца апека. Пры наяўнасці дастатковых падстаў суд па хадайніцтве папячыцеля або органа апекі і папячыцельства можа абмежаваць або пазбавіць такога грамадзяніна права самастойна распараджацца сваім заробкам, пенсіяй і іншымі даходамі. Таццяна Перхаровіч жыве ў Лепелі. Яе дачцэ Ганне 19 гадоў. У Ганны – ДЦП, але яна можа перасоўвацца.

«Да трох гадоў нам адразу паставілі разумовую адсталасць, – распавядае Таццяна. – З таго моманту нашае жыццё стала суправаджацца адвечнай барацьбой». Таццяна кажа, што ў школу яе не ўзялі, але настаўнікі проста прыходзілі дадому і вучылі яе чытаць па картках: «Афіцыйна нам займацца не давалі. У дакументах напісана, што яна наогул нічога не ведае».

Мне ўсе задавалі пытанне: «Як вы будзеце далей?» Я прасіла, каб мне параілі, як мне быць далей. У сацыяльных службах мне падказалі, што рабіць. А пазбавілі дзеяздольнасці нас завочна, проста даслалі паперу.

Юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі кажа, што сам факт пазбаўлення дзеяздольнасці дзіцяці для таго, каб маці далей магла апекавацца ім, – парушэнне правоў чалавека:

«Чалавек не мусіць пазбаўляцца дзеяздольнасці. Дзяржава мусіць сыходзіць з пазіцыі падтрымкі, а не з пазіцыі пазбаўлення правоў».

Выйсце – зрабіць даверанасць

Алег Граблеўскі перакананы, што ў бацькоў ёсць цалкам законнае выйсце з гэтай сітуацыі: дазволіць маці аформіць натарыяльную давернасць, каб яна ад імя дзіцяці ажыццяўляла дзеянні. У такім выпадку маці мае не статус апекуна, а статус чалавека, які мае даверанасць.

Таццяна Перхаровіч спачатку так і зрабіла, бо пазбаўляць дзеяздольнасці яна дачку не хацела: «Калі паўстала пытанне аб пазбаўленні дзеяздольнасці, я завяла дачку да натарыуса, каб аформіць даверанасць. Яна б паказала ёй, што ўмее. Але натарыус сказала, што не будзе нават размаўляць з ёй, бо Ганна не вучылася ў школе. Я юрысту адразу сказала, што не хачу пазбаўляць дачку дзеяздольнасці. Але яна мне адказала, што калі натарыус адмовілася нам дапамагчы, то цяпер шлях толькі такі».

Таццяна спытала ў юрыста, ці магчыма ў будучыні калі не цалкам вярнуць, то прынамсі абмежаваць дзеяздольнасць. Юрыст на гэта адказаў, што толькі адзін падобны выпадак дайшоў да Вярхоўнага суда – і там позву не задаволілі.

Алег Граблеўскі, каментуючы гэты выпадак, адзначыў, што сапраўды натарыус не можа скласці даверанасць, калі дзіця не мае пасведчанне ад сканчэнні адукацыйнай установы. «Ёсць такія людзі, якія маюць захаваны інтэлект, але не маюць навыкаў камунікацыі, напрыклад, не могуць размаўляць, але могуць па-іншаму выражаць свае думкі. Але па інструкцыі, калі чалавек не можа размаўляць, значыць, яго можна пазбаўляць дзеяздольнасці. Калі чалавек паспявае звярнуцца да нас, мы накіроўваем яго да натарыуса. Але калі дзіця не мае пасведчання аб адукацыі, то, хоць ты і маеш дзясятак пасведчанняў ад альтэрнатыўных праграм, табе ўсё адно адмовяць.

У нас быў падобны выпадак у Бабруйску: у дзяўчыны не было пасведчання аб заканчэнні школы, але былі сертыфікаты з розных гурткоў і адукацыйных праграм, да таго ж, дзяўчына сама сябе абслугоўвае, ходзіць у краму… Але ёй адмовілі ў аднаўленні дзеяздольнасці».

Адразу трэба акрэсліць, што дзеяздольнасці можа пазбавіць толькі суд. Натарыус можа прыняць досыць суб’ектыўныя рашэнні. У нашым заканадаўстве ў цяперашні час адсутнічаюць пэўныя механізмы, якія дазваляюць натарыусу вызначыць з належнай ступенню верагоднасці не толькі адэкватнасць псіхічнага стану таго, хто звярнуўся, але і высветліць у таго ці іншага суб’екта моманты абмежавання або пазбаўлення дзеяздольнасці. З аднаго боку, натарыус абавязаны праверыць дзеяздольнасць, з другога – ён не мае практычнай магчымасці гэтага зрабіць. Суддзя пры вынясенні рашэння аб прызнанні абмежавана дзеяздольным або недзеяздольным не павінен браць на сябе адказнасць за выяўленне абставін, якія патрабуюць спецыяльных медыцынскіх ведаў. Пры ўзнікненні адпаведнай неабходнасці суд прызначае экспертызу для праверкі псіхічнага стану грамадзяніна. У натарыуса такіх паўнамоцтваў, натуральна, няма. Як правіла, спецыялістамі ацэньваюцца такія праявы псіхічнага стану асобы, як няяснае мысленне, узбуджэнне, падазронасць, ідэі пераследу, варожасць, некамунікабельнасць у адносінах.

Даказваць, што можаш быць мамай, прыходзіцца ўсё жыццё

Таццяна кажа, што цяперашняя сітуацыя з дачкой яе хвалюе яшчэ і таму, што яна не разумее, а што будзе, калі раптам ёй самой стане блага? «Мне 50 гадоў. А раптам у мяне знойдзецца нейкае хранічнае захворванне? Я ж усё жыццё толькі дачкой і займалася. Муж з намі не жыве. Што будзе з маім дзіцём? Гэта дзікая сітуацыя! Атрымліваецца, што гэта не маё дзіця, а дзяржаўнае! А хто-небудзь думае пра тое, што калі яна трапіць у нейкую ўстанову, то заўтра гэта будзе труп? Мой выбар – расціць гэтае дзіця. А мы трапляем у такую сітуацыю і трасёмся, што іх з намі могуць не пакінуць». Таццяна кажа, што яна не ходзіць у паліклініку, бо баіцца, што ёй могуць паставіць нейкі дыягназ, які патрабуе лячэння.

«Пасля таго, як дзяцей пазбаўляюць дзеяздольнасці, а мамы становяцца апекунамі, людзі пачынаюць увесь час жыць у стрэсе, – распавядае Алег Граблеўскі. – Надзвычай стрэсавымі з’яўляюцца сітуацыі для людзей з ментальнымі захворваннямі. У любы час органы апекі могуць прыйсці, каб пракантраляваць сітуацыю ў сям’і. А гэта неверагодны стрэс. Людзі масава скардзяцца: «На якой падставе прыходзяць да нас дадому?» Я тлумачу ім, што яны з’яўляюцца апекунамі, таму іх маюць права кантраляваць. А каб людзі аформілі даверанасць, усё было б па-іншаму».

Аксана, маці Івана, кажа, што сам шлях да атрымання статуса апекуна прыніжальны для любой мамы: «З мая мне не выплацілі ні капейкі… Я пытаю ў дзяржавы, дык а за якія грошы ён жыве? Ён жа не перастаў быць інвалідам.. Ён і далей карыстаецца падгузкамі. Каб атрымаць пенсію 300 рублёў, трэба настолькі прыніжацца… А калі бяжыш, грукаешся, на цябе толькі ўсе павышаюць голас… Да 18 гадоў ад цябе ніякіх даведак не патрабуюць. Можаш быць і наркаманкай, і ВІЧ-інфікаванай, і псіхапаткай – усё адно. Чаму так адбываецца? Хацелася б, каб нехта штосьці зрабіў для таго, каб мамы нашы не пакутавалі. Мы ж 18 гадоў былі з ляжачымі дзецьмі, а зараз судмедэксперт павінен паглядзець, зараз мы павінны яшчэ даказаць, што можам быць мамамі…»

Замест высновы
Скаргі ад мам у сваёй большасці – гэта незадаволенасць самой сістэмай, празмерным раптоўным кантролем. Пазбаўленне дзіцяці дзеяздольнасці – думкі пра тое, а што будзе ў будучым, калі з мамай нешта здарыцца.
Аднак на заканадаўчым узроўні пайшлі пэўныя змены: не так даўно набылі моц папраўкі ў Грамадзянскі кодэкс, якія ўвялі паняцце «абмежаваная дзеяздольнасць». Па законе цяпер можна падаваць у суд на тое, каб дзеяздольнасць была не цалкам знята ў чалавека, а абмежавана. На думку судовых экспертаў, гэта пашырае правы сем’яў. Так, пры падачы заявы аб аднаўленні дзеяздольнасці заключэнне экспертаў – ужо не адзіная крыніца доказаў. Падчас судовага працэсу можна хадайнічаць, каб сваё меркаванне выказалі суседзі, сябры, работнікі інтэрната. Можна сабраць пакет дакументаў у адвольнай форме з паказаннямі сведак, характарыстыкі чалавека. Пры наяўнасці сумненняў, недастатковай яснасці і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, суд таксама мае права прызначыць дадатковую або паўторную экспертызу.

«Змены ёсць, а методыкі, як вызначаць частковую або поўную дзеяздольнасць, няма, – каментуе гэта Алег Граблеўскі. –  Патрэбны паспяховы прыклад, які б змог увайсці ў так названую метадычку. Але дапамагчы гэтаму можа толькі практыка».

Пакуль жа распрацоўваецца методыка, выйсце застаецца толькі адно: рабіць даверанасць  у натарыуса, рашэнне якога з шэрагу прычын суб’ектыўнае.

Вікторыя Чаплева
Газета «Вместе!»
Фота з асабістых  архіваў герояў

 


Материалы по теме:

С заботой об окружающей среде
Первичная организация Октябрьского района Минской городской организации общественного объединения «Белорусская ассоциация помощи детям-инвалидам и молодым инвалидам» (ПО ОР МГО ОО «БелАПДИиМИ») реализует проект  «Включение ...
Молодежный формат
Креативно-инновационный центр Минского государственного дворца детей и молодежи объявляет конкурс социальных проектов "Молодежный формат".
Дом отдыха «ДРУЖБА»
В живописном месте недалеко от в/х Вяча  проходил оздоровительный отдых для  13 семей из г. Минска, воспитывающих детей и молодых людей с  умственными и ...
Местные инициативы
Продолжаем рассказывать о местных инициативах из регионов в рамках проекта «Искусство за инклюзию людей с инвалидностью» (продление: продвижение интересов людей с инвалидностью), который реализуется ...
Профилактика детского травматизма
 10 декабря Детский Фонд ООН (ЮНИСЕФ) и Российская Федерация подписали соглашение о финансировании проекта международной технической помощи «Профилактика детского травматизма». В церемонии подписания приняла участие и ...

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.