Марыць, верыць і… маляваць

114Паўлу Рашчынскаму 22 гады, і ў яго цяжкая форма дзіцячага цэрэбральнага паралічу. Яго цела часам непаслухмянае, нібыта ў абцугах, а душа юнака — вольны трапяткі матылёк, які, нягледзячы ні на што, радуецца жыццю. А сэрца поўніцца натхненнем і жаданнем ствараць. Калі ён малюе — мары здзяйсняюцца! Праз нейкі час у пакоі з’яўляюцца сонейка, домік ля мора і кветкавы карагод. Творчасць для Паўла сёння — гэта і адна з крыніц даходаў яго сям’і. Работы мастака падабаюцца, іх купляюць, а за атрыманыя сродкі ён з мамай можа з’ездзіць на мора.
У Галіны былі цяжкія роды, і Паша нарадзіўся без прыкмет жыцця. Урачы зрабілі ўсё магчымае, каб яго сэрца не перастала біцца, каб хлопчык убачыў гэты свет. Вось толькі цела не ўдалося выратаваць. Па прычыне родавай траўмы ў Пашы быў блакіраваны той участак кары галаўнога мозга, які кіруе рухамі пальцаў, ног і рук. У выніку яны перасталі паддавацца кантролю, у хлопчыка моцна парушылася каардынацыя. Паша не можа хадзіць, размаўляць, не можа самастойна жаваць, маці перацірае для яго ежу. Яму зручней ляжаць, чым сядзець. Да таго ж на працягу многіх гадоў у хлопчыка адбывалася сур’ёзная дэфармацыя пазванкоў і суставаў, што прыносіла яму моцныя пакуты. Аднак галаўны мозг Паўла развіваўся нармальна. Як і звычайныя дзеці, хлопчык навучыўся чытаць, пісаць, працаваць на камп’ютары, маляваць.
28“Я з ім заўсёды размаўляла, як са здаровым дзіцем, самым любімым і самым цудоўным, — расказвае мама. — Раілася, што будзем рабіць, куды пойдзем. Я добра разумею ўсе яго жэсты і міміку, усё, што ён мне хоча сказаць”. Мама прыклала максімум намаганняў, каб Паша вучыўся, — у пяць гадоў хлопчык пайшоў у дзіцячы сад, пасля наведваў Цэнтр дзённага знаходжання для дзяцей з ДЦП “Ператварэнне”. Калі Паўлу споўнілася 7 гадоў, з ім пачала займацца дома школьная настаўніца Ала Пятроўна Казімірава — педагог з вялікім вопытам работы. Як толькі яна ўбачыла дапытлівыя вочкі Паўліка, зразумела, што не можа не дапамагчы гэтаму хлопчыку і павінна зрабіць усё, каб ён асвоіў школьную праграму. І Паўлік адчуў моцную прыхільнасць да сваёй настаўніцы, нават плакаў, калі раптам яна па нейкай прычыне не прыходзіла. Калі ж у раёне з’явіўся ЦКРНіР, Галіна ўладкавала сына на заняткі ў гэтую ўстанову, дзе з ім педагогі займаліся па індывідуальнай праграме.
Цікавасць да малявання ўзнікла ў хлопчыка ў 9 гадоў — пачалося ўсё з размалёвак, а праз два гады з’явіліся першыя ўласныя малюнкі. Іх Паша спачатку ствараў рукамі. Браў аловак у правую руку і гадзінамі вычэрчваў лініі. Так з’явіліся цэлыя серыі работ: партрэты людзей, выявы жывёл, цыкл карцін “Ісус”. З цягам часу рука з-за дэфармацыі суставаў перастала слухацца Пашу, і ён не мог увасобіць задуманае. Але хлопчык не здаваўся, пачаў трэніраваць нагу — яна павінна была замяніць руку юнаму мастаку.
221У 2003 годзе Павел стаў лаўрэатам Рэспубліканскага фестывалю творчасці дзяцей-інвалідаў “Запалі сваю зорку”, які праводзіў БелАДДІіМІ. А ў 2004 годзе хлопчык — лаўрэат Усебеларускага конкурсу творчасці дзяцей і моладзі “Скажы дзецям “ТАК” пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), дзе была адзначана яго работа “Сабака колі”.
“Гэты творчы конкурс праводзіўся для дзяцей усіх узростаў і з любымі фізічнымі данымі, незалежна ад абмежаванняў, — узгадвае Галіна. — Калі толькі прыехала на мерапрыемства — прывезла Пашыну работу — падалося, што ўсё дарэмна, вунь якога ўзроўню работы выстаўлены: асабліва ўражвалі малюнкі навучэнцаў мастацкіх школ. Аднак мой сын перамог, стаў лаўрэатам. Якім жа было здзіўленне арганізатараў конкурсу, калі яны даведаліся, што ў Паўла такая сур’ёзная хвароба і што яго работа выканана нагой”.
Сёння цяжка паверыць у тое, што чалавек змог стварыць сотні малюнкаў і карцін пры дапамозе вялікага пальца левай нагі! На адзін малюнак Паша затрачвае 2-3 дні, у дзень ён можа маляваць па пяць гадзін без перапынку. Удасканальваць мастацкія здольнасці яму дапамагае мастак Уладзімір Шчаўкун — кіраўнік народнай студыі выяўленчага мастацтва цэнтра пазашкольнай работы “Светач”. Кожны панядзелак ён спяшаецца да Паўла. Цэнтр, дзе працуе мастак, арганізаваў для юнака персанальную выставу яго лепшых работ, якая прайшла ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.
Пры дапамозе нагі Павел умее не толькі маляваць, але і размаўляць з людзьмі. Побач з ім на канапе — камп’ютар і клавіятура, на якую ён спрытна націскае пальцам нагі, а суразмоўца чытае на маніторы яго паведамленне.
“А вы са мной будзеце размаўляць?” — надрукаваў юнак сваё пытанне да мяне ў той момант, калі я ажыўлена гутарыла з яго мамай. Шчыра кажучы, і не думала, што мне ўдасца паразмаўляць з Паўлам. А тут такі сюрпрыз! Я яшчэ раз упэўнілася, што малады чалавек жадае паўнацэнна кантактаваць з усімі, хто прыходзіць да яго. Цікаўлюся, аб чым ён марыць. Пакуль Павел піша адказ, працягваю размову з мамай: “Ні з чым немагчыма параўнаць боль, які адчувае жанчына, калі бачыць кожны дзень, як пакутуе яе дзіця. Калі засталася сам-насам са сваім горам і з пытаннямі, якія не маюць адказаў: “Чаму я?”, “Чаму ў мяне?”, — галоўным у той момант было выстаяць псіхалагічна і знайсці выратаванне. Такім выратаваннем стала вера ў Бога і нараджэнне другога здаровага дзіцяці — хлопчыка Артура. Аднойчы, калі Паўліку было 7 гадоў, ён жэстам паказаў мне, што яму дрэнна ад таго, што ён адзін, і дакрануўся да майго жывата, маўляў, нарадзі мне браціка або сястрычку. Я тады горка заплакала. Але мары майго сына наканавана было збыцца. Яго брату сёння 13 гадоў, з яго з’яўленнем у мяне выраслі крылы, я адчула сябе самай шчаслівай маці на свеце”.
33Паша рос, і да яго прыйшло цалкам дарослае рашэнне, што яму трэба самастойна зарабляць грошы. Ён надрукаваў на камп’ютары запіску, у якой выказаў жаданне прадаваць свае карціны, і тое, што марыць з’ездзіць з сям’ёй на мора. Запіску аддалі ў царкву, якую Паша наведвае разам з мамай. Ці па волі нябёсаў, ці былі на гэта зямныя прычыны, але праз месяц маці юнака патэлефанавалі стваральнікі спартыўна-дабрачыннага праекта АНТ “Мары здзяйсняюцца” і запыталі, ці ёсць у яе і яе сям’і якая-небудзь мара? Так, дзякуючы спартыўнаму журналісту Сяргею Шчурко і “Міс Беларусі-2008” Вользе Хіжанковай, карціна Паўла была паспяхова прададзена на аўкцыёне за паўтары тысячы долараў. Гэта дазволіла Паўлу і яго сям’і пабываць на моры. З таго часу ён неаднойчы бываў на моры — і на Чорным, і на Чырвоным, і на Міжземным. Пасля такіх вандровак у юнага мастака з’явілася серыя работ марской тэматыкі. Яго любімая карціна сёння — з выявай дома каля мора, аб якім ён марыць, а таксама работа “Лесвіца ў неба”, дзе намаляваны сам Павел, які па прыступках узнімаецца ўверх — у нябесную далячынь.
Дзякуючы творчым поспехам юнака, у сям’і з’явілася машына: карціны Паўла былі прададзены ў Санкт-Пецярбургу ад імя расійскага дабрачыннага фонду “Крок насустрач” у межах сумеснай акцыі з беларускім дабрачынным праектам “Мары здзяйсняюцца”. Мэта продажу карцін гучала так: на набыццё неабходнай спецтэхнікі для таленавітага мінскага мастака. Цяпер мама можа з камфортам вазіць яго па горадзе, ажыццяўляць вандроўкі ў лес, на возера, у вёску.
Павел — актыўны карыстальнік інтэрнэту, яго старонку сёння можна лёгка адшукаць у сацыяльных сетках. Яго ведаюць зоркі эстрады, спартсмены, журналісты, прадстаўнікі мадэльнага бізнесу, многія з іх не аднойчы былі ў яго ў гасцях. Юнак падтрымлівае сяброўства з Кацярынай Даманьковай, Дар’яй Домрачавай, Аляксандрай Герасіменяй, вялікі партрэт якой з аўтографам прымацаваны на сцяне і знаходзіцца насупраць вачэй Паўла. Юны мастак сочыць за жыццём і поспехамі сваіх знакамітых сяброў па тэлебачанні, чытае пра іх у артыкулах і піша іх партрэты, якія пры сустрэчы дорыць ім.
“Тры мары ёсць у мяне, — напісаў мне Павел. — Першая — каб да мяне заўсёды прыходзілі людзі і я мог з імі размаўляць, другая мара аб прыгожай дзяўчыне, якая аднойчы з’явіцца ў маім жыцці, зразумее мяне і стане падзяляць мае інтарэсы (яе партрэт юнак ужо намаляваў), і, нарэшце, трэцяя мара — жыць каля мора”. Павел вельмі моцна жадае здзяйснення сваіх мар, верыць, што так яно і будзе, і… малюе.

Надзея ЦЕРАХАВА,«Настаўніцкая газета»

Фота аўтара

 


Материалы по теме:

Республиканский Методический Совет (РМС)
15 апреля 2011г. состоялось первое заседание Республиканского Методического Совета (РМС). Основной целью деятельности РМС будет являться координация работы по методическому обеспечению учреждений социального обслуживания ...
Мама, мамочка моя!
У каждой семьи есть своя история любви и победы. В этих невыдуманных историях — целая жизнь, они способны растрогать любого.  Сегодня мы публикуем трогательный рассказ Гущинской ...
Международный день борьбы за права инвалидов
5 мая мировое сообщество отмечает Международный день борьбы за права инвалидов. Свою историю эта дата ведет с 1992 года, когда 5 мая люди с ...
Отделения дневного пребывания для людей с тяжелыми и множественными нарушениями
Наши дети. Многие из них, повзрослев, так же нуждаются в помощи и поддержке, сопровождении. Более 15 лет назад, когда наши дети получили возможность получать ...
Люди не хотят работать?
В Минске прошел Республиканский семинар по вопросам занятости инвалидов, в том числе их трудоустройства в счет установленной брони и развития деятельности предприятий, использующих труд ...

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.