Больш чым проста праца

Яны не значацца ў спісах работнікаў, не могуць стаць на ўлік у службах занятасці. Не тое, што ў грамадстве, нават у сем’ях, дзе жывуць хлопцы і дзяўчаты з ментальнымі парушэннямі, не думаюць, што ТАКІЯ могуць працаваць. Але апошнім часам дзякуючы намаганням грамадскіх арганізацый і асобных энтузіястаў людзі з інваліднасцю пачалі вырывацца з хатняга «зняволення».

Для часопіса «Звязда» аб дзейнасці прадпрыемства «АртІдэя» распавядаюць Наталля Амплеева, Эдуард Шыпіцын і Сяргей Лапчык.

— Мы часта не заўважаем сваіх дзяцей. Думаем, якія яны няшчасныя, пакрыўджаныя лёсам, і таму стараемся ўсё рабіць за іх, — расказвае Наталля Амплеева, якая ўзначальвае структурную арганізацыю Кастрычніцкага раёна (г. Мінск) Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. — Аднойчы я вярталася дадому і пабачыла ў акне свайго сына (у яго першая група інваліднасці). У яго позірку чыталася: «Свет, я цябе не ведаю, ты мяне палохаеш». Мяне гэта ўзрушыла. Дома я пачула яго плач: «Матулечка, сумна». Калі чалавек, нягледзячы на сваё захворванне, гэта адчуў, значыць, нешта трэба рабіць. І дзеля яго я адважылася адкрыць майстэрню. Калі ён упершыню прыйшоў туды — нервова азіраўся ва ўсе бакі, толькі б яго ніхто не пакрыўдзіў. А ўжо праз год маё дзіця было не пазнаць. Гэта быў вясёлы, адкрыты, задаволены чалавек. Калі бачыш такія перамены, ужо немагчыма спыніцца.

У 2004 годзе, калі толькі ўзнікла майстэрня, гэта было месца, дзе сем’і, аб’яднаныя аднолькавай праблемай, маглі кантактаваць, чараваць разам з хворымі дзецьмі над вырабамі з разнастайных матэрыялаў. А ўжо праз пару гадоў створаныя ў ёй сувеніры выстаўляліся на выставе «БелЭкспа». Гэта быў прарыў. Упершыню грамадства ўбачыла, на што здольны людзі з інваліднасцю.

Сёння ў майстэрню прыходзяць спецыялісты з устаноў дадатковай адукацыі. «Для таго каб развіць дадатковыя навыкі ў людзей з такімі абмежаваннямі, недастаткова таго нарматыву, які рэгламентуе Кодэкс аб адукацыі. Так, у гуртку на аднаго спецыяліста павінна быць 10 вучняў. Адна справа даць указанні дзесяці здаровым, іншая — працаваць з людзьмі з незахаваным інтэлектам і рознымі фізічнымі абмежаваннямі. Часам для іх і паперку роўна скласці праблема, неабходныя спецыяльныя прыстасаванні, каб яны маглі нешта рабіць», — заўважае Наталля Амплеева.

Наталля Амплеева, акрамя майстэрні, узначальвае і «АртІдэю» — маленькае паліграфічнае прадпрыемства. Туды сёння ўладкоўваюць самых падрыхтаваных хлопцаў і дзяўчат з майстэрні. Менавіта тут інваліды, якім, здавалася, нічога не «свяціла», атрымліваюць першы працоўны вопыт, заробкі. А пасля тым, хто змог прайсці адаптацыю, дапамагаюць знайсці месцы на розных прадпрыемствах. За той час, як дзейнічае «АртІдэя», на адкрыты рынак працы выведзены 21 чалавек.

Здавалася б, невялікая лічба. Але, каб вывесці з ценю маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, трэба прыкласці шмат намаганняў. Сярод тых, хто прайшоў увесь гэты шлях — Аляксандр. Цяжка паверыць, што напачатку хлопец нават не мог пераставіць з аднаго стала на другі паўшклянкі вады і не расплёскаць — з-за хваробы ў яго трэсліся рукі. Паходка ў хлопца была такой хісткай, што аднойчы яго забралі ў міліцыю — думалі, нецвярозы. За два гады ў майстэрні ён навучыўся вышываць, пасля ў «АртІдэі» працаваў пераплётчыкам, а пазней быў уладкаваны ў камерцыйную структуру.

— У сілу фізічных ці псіхічных асаблівасцяў аб’ём выкананых работ у людзей з інваліднасцю нашмат меншы, чым у здаровых. І я павінна як арганізатар вызначыць, што з тэхналагічнага працэсу ўбраць ці мадэрнізаваць, каб чалавек працаваў з большай аддачай і каб гэта не нанесла яму шкоду, — расказвае Наталля Амплеева. — У нас праца на прадпрыемстве дзеліцца па этапах. Гэта як канвеер, на якім кожны выконвае той від дзейнасці, які добра даецца. Напрыклад, мы рабілі ёлачныя цацкі ў беларускім стылі: нехта выразаў, другія вышывалі, трэція запіхвалі сінтэпон…

На сацыяльным прадпрыемстве спачатку даводзілася вучыць работнікаў і дысцыпліне, бо па звычцы некаторыя ставіліся да яе, як да заняткаў у гуртках, якія пры жаданні можна і прапусціць. А таксама тлумачыць, што такое грошы. Тут нават друкавалі цацачныя купюры і вучылі, як імі карыстацца. Неяк Наталля Аляксандраўна пацікавілася ў сваіх работнікаў, на што яны патрацілі першыя заробкі. Адзін з хлопцаў прызнаўся, што купіў запальніцу і цыгарэты, якія… пасля выкінуў у сметніцу, бо не курыць: «Я хацеў патраціць заробленыя грошы так, як хачу: адчуць сябе дарослым чалавекам».

— Важна, што ў маладых людзей ёсць магчымасць атрымаць працоўныя навыкі непасрэдна на прадпрыемстве, куды хлопцы і дзяўчаты з майстэрні прыходзяць на практычныя заняткі. На жаль, такія неабходныя для людзей суправаджальныя мерапрыемствы немагчыма распачаць на звычайных прадпрыемствах. Іх можна арганізаваць альбо ў майстэрнях, альбо на сацыяльных прадпрыемствах, — заўважае Наталля Амплеева.

«АртІдэя» працуе ў асноўным на арэнду, камуналку і падаткі, заробкі ў работнікаў каля 60 рублёў. Але інваліды рады і такім малым грашам. Акрамя таго, калі дзіця-інвалід становіцца рабочым чалавекам, значыць, і яго маці можа ўладкавацца на працу. Для многіх сем’яў гэта істотная палёгка, тым больш, што часта расціць хворых дзяцей жанчынам даводзіцца ў адзіночку. Так, з 24 чалавек, якія зараз прыходзяць у майстэрню, толькі ў дваіх — поўная сям’я.

Безумоўна, такім прадпрыемствам не выжыць без падтрымкі. Але тут не просяць нейкіх фінансавых уліванняў. Трэба шукаць іншыя шляхі.

— Калі, напрыклад, на сайце гарвыканкама, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны будзе змешчаны спіс сацыяльных прадпрыемстваў і пазначана, што ім можна дапамагчы, калі размясціць там заказ — гэта ўжо добрая прывілея, — тлумачыць Наталля Амплеева. — У Расіі можна сустрэць вітрыны, пазначаныя знакам «болей, чым пакупка», дзе прадаецца прадукцыя, зробленая сацыяльнымі прадпрыемствамі ці сацыяльна неабароненымі людзьмі. Людзі, калі робяць там пакупкі, разумеюць, што так яны дапамагаюць інвалідам.

Уласна, і нашы чытачы могуць дапамагчы людзям са складанымі дыягназамі з «АртІдэі», калі звернуцца сюды па паліграфічную прадукцыю ці сувеніры — календары, візітоўкі, нататнікі, буклеты, сувенірныя каробачкі, запрашэнні на вяселлі і г. д.

Магчыма, неабходна падумаць і пра льготы, якія будуць атрымліваць прадпрыемствы, дзе працуюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Бо, на жаль, пакуль неахвотна іх бяруць у штат. Яно і зразумела: у здаровага чалавека больш працяглы працоўны дзень, карацейшы адпачынак, яму не трэба ствараць асаблівых умоў. А яшчэ чалавека з інваліднасцю звольніць немагчыма.

У «Артідэі» працаўладкаваны адзіны ў Мінску чалавек з ментальнымі парушэннямі, першай групай інваліднасці. У Дзмітрыя цяжкія абмежаванні, ён не ўмее лічыць, чытаць, пісаць, не гаворыць, але ў майстэрні заўважылі, што для хлопца шчасце — вынесці смецце, працерці пыл. У якасці эксперымента яго ўладкавалі прыбіральшчыкам. І сёння хлопец выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Але давялося папрацаваць над тым, каб у чалавека з інваліднасцю работа дасягнула аўтаматызму — проста хадзіць за ім і сачыць ці не за кожным рухам. Асвоіць розныя віды дзейнасці новым работнікам у «АртІдэі» дапамагае асістэнт па суправаджальным працаўладкаванні Сяргей Лапчык: «З кожным чалавекам прароблена гіганцкая праца, прычым заўсёды падыход індывідуальны. У нас ужо больш-менш прызвычаіліся да таго, што людзі з ДЦП могуць выконваць нейкую работу, а да такога ўспрыняцця інвалідаў з інтэлектуальнымі парушэннямі грамадства толькі падыходзіць. Я ганаруся тымі, каго мы працаўладкавалі на свабодны рынак працы. Бачу вялікія змены: людзі адчулі сябе патрэбнымі ў грамадстве. Яны вельмі адказна ставяцца да сваёй работы. Уявіце, чалавек уладкаваны запайшчыкам пакетаў для картрыджаў, але пры гэтым кожны дзень прыходзіць на работу ў дзелавым касцюме — настолькі для яго гэта важна».

Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам паспяхова ажыццяўляе праекты па суправаджальным працаўладкаванні людзей з абмежаванымі магчымасцямі на адкрытым рынку працы. Гэта значыць, што будучага работніка-інваліда падтрымліваюць практычна на ўсіх этапах: ад сустрэчы з наймальнікам да дапамогі і адаптацыі на працоўным месцы. Часта без такой падтрымкі многія людзі з абмежаванымі магчымасцямі проста не адважыліся б выйсці з дома. 

— У нашых праектах мы працуем з маладымі людзьмі з інтэлектуальнай недастатковасцю, якім патрабуецца працяглая (ці пастаянная) падтрымка на працоўным месцы, — заўважае Эдуард Шыпіцын, які суправаджае інвалідаў на адкрытым рынку працы. — Мы спрабуем прасунуць ідэю асісціруемага, суправаджаемага працаўладкавання. У Аўстрыі, напрыклад, з саміх работнікаў прадпрыемства выдзяляюцца ментары, якія некаторы час суправаджаюць работнікаў з інваліднасцю. Нашай дзяржаве таксама трэба пераймаць такі вопыт. Асістэнтамі могуць быць і інваліды, якія самі ўжо асвоіліся з пэўнай прафесіяй, альбо блізкія хворага чалавека.

Материалы по теме:

С Днем матери!
Есть ли в мире что-либо трогательнее, сильнее, неистовее и нежнее, чем материнская любовь? Сколько писали о ней, а всю глубину передать вряд ли можно ...
Надежное партнерство
Иногда  время бежит так быстро,  что не замечаешь, что прошел месяц, год. И всегда приятно, когда  наши  спонсоры, партнеры находят время  придти   к нам  ...
Люди не хотят работать?
В Минске прошел Республиканский семинар по вопросам занятости инвалидов, в том числе их трудоустройства в счет установленной брони и развития деятельности предприятий, использующих труд ...
Голосуем за наших
Ангелина Уэльская, лицо проекта "Искусство за инклюзию людей с инвалидностью", примет участие в финале конкурса "Мисс мира на инвалидной коляске», который пройдет в Варшаве 7 ...
Приспособления для людей с инвалидностью
Уважаемые родители! ОО "БелАПДИиМИ" готово  безвозмездно передать следующие приспособления б/у: ходуны. стул для занятий, коляска (внутренняя ширина 31-36 см), коляска нескладная, телевизор      

Добавить комментарий

ОО «БелАПДИиМИ» © 2017 | При использовании материалов сайта ссылка на http://belapdi.org обязательна!